РУС БЕЛ ENG

Твой город - Островец

Маленькі астравок маёй зямлі - 

Зялёны Астравец над срэбнай Лошай, 

Такі прытульны і такі харошы, 

Як сонца, бор і родныя палі. 

Што ўяўляюць сабой сцяг і герб Астраўца і Астравецкага раёна?

Мы – астраўчане, наш родны горад – Астравец. Кожны горад мае свае знакі. Гэта ГЕРБ і СЦЯГ. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка ад 14 чэрвеня 2007 года № 279 былі зацверджаны герб і сцяг Астраўца і Астравецкага раёна. Што яны сабой уяўляюць?

Пры ўтварэнні герба ўлічваліся гістарычныя падзеі і геаграфічнае становішча Астраўца, якім валодалі прадстаўнікі родаў Гаштольдаў, Карыцкіх. Герб уяўляе сабой варажскі шчыт, які перасечаны хвалістым поясам зялёнага колеру. На верхнім срэбраным полі адлюстраваны дуб з зялёнай маладой кронай і магутнымі карэннямі. На ніжнім блакітным – срэбная стронга, накіраваная ў правы бок. Дуб выражае моц, вынослівасць, даўгалецце, веру і славу. Рыба (стронга) з’яўляецца раннехрысціянскім сімвалам, які звязаны з ураджайнасцю, справядлівасцю, выкананнем усіх жаданняў.

Сцяг – прамавугольнае палатно ў адносінах 1:2, якое складаецца з трох вертыкальных роўнавялікіх палос: блакітнага, белага і зялёнага колеру. У цэнтры палатна, на белым фоне, адлюстраваны герб.