Запрашаем у музей
Этнаграфічны музей " Беларуская хатка" Сярэдняй школы №1 г.Астраўца быў адчынены ў 2011 годзе. У лістападзе 2013 года ў сувязі з рамонтам памяшкання асобныя музейныя рэчы былі выстаўлены ў часовых экспазіцыях, размешчаных ў кабінеце беларускай мовы. Былі прадстаўлены экспанаты, якія дапамагалі захаваць памяць аб трагедыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама матэрыялы, якія ўзгадвалі старонкі жыцця знакамітай асобы Астравеччыны - Іосіфа Гашкевіча, першага консула Расіі ў Японіі. Але, на жаль, умовы не дазвалялі выставіць тыя экспанаты, якія на працягу многіх год назапашваліся настаўнікамі і вучнямі школы. Кіраўніцтва школы выдзеліла новае памяшканне, у якім змаглі знайсці "новае" жыццё прылады працы нашых продкаў і прадметы быту. 1 верасня 2014 года адбыліся "уваходзіны" ў беларускаю хатку. Адчыняем дзверы... Поле з кветкамі, блакітнае неба з лёгкімі хмурынкамі, а таксамі галінкі дуба зачароўваюць сваім хараством. Дарэчы неабходна ўзгадаць Дзяніса Ходаса, чалавека, які пры дамамозе пэндзля і фарбаў дапамог адчуць водар беларускіх краявідаў (вялікая ўдзячнасць мастаку за яго талент і працу). Крочым далей... І вось мы на парозе старажытнай хаткі. Ля ўвахода знаходзіцца печ. Яна займае ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца. Ёсць у нашай хаце і святы куточак - покуць. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату. На сценах развешаны ручнікі, вышыванкі і сведкі мінулага - фотаздымкі. На стале, на падлозе стаяць рэчы хатняга ўжытку: дзяжа, бойка, прасніца, пранік, качалка, кашы, збаны, гарлачы, лапці.
Ёсць такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек азірнуўся... Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба – гэта цэлы свет. Наперадзе, за таямнічаю мяжою гарызонта новыя дарогі, новыя людзі, новы свет. Але на ўсё астатняе жыццё застаюцца ў памяці “парог, высечаны з успамінаў, дзверы на завесах цвыркуновай песні; вокны, зашклёныя вачамі блізкіх; хата, пакрытая крыламі ластавак...". Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.